мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах. мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология;
Новые исслед. М., 1988;
Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;
Псков, 1994.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.